ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),

папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)